Ідэя фестывалю належыць агульнанацыянальнай культурнай кампаніі «Будзьма беларусамі!», якая стварае і падтрымлівае мерапрыемствы, накіраваныя на развіццё беларускай нацыянальнай самаідэнтыфікацыі.
Спаборніцкі акцэнт, які ўласцівы традыцыйным фестывалям рэкламы, быў адсунуты арганізатарамі на другі план. На першым была грамадская значнасць гэтага мерапрыемства. І тым не менш журы, у склад якога ўвайшлі многія знакамітыя беларускія рэкламісты, ацэньвала работы па жорсткіх прафесійных крытэрыях.
У асноўныя намінацыі фестывалю былі пададзены 105 работ ад 59 удзельнікаў. У конкурсе маладых рэкламістаў прынялі ўдзел 15 работ ад 9 удзельнікаў і каманд-удзельніц. У конкурснай праграме фестывалю таксама ўзялі ўдзел знакамітыя сусветныя брэнды, якія актыўна ўжываюць беларускую мову ў сваіх камунікацыях. Гэта Samsung, Renault, Ceresit, Adidas, Bosch, Tefal.
Як і чакалася, больш за ўсё работ паступіла ў намінацыю «Дызайн», а таксама «Этыкетка і ўпакоўка». Арганізатары не памыліліся і з конкурсам нерэалізаваных праектаў, у які былі пададзены 19 работ.
Вялікую цікавасць выклікаў конкурс на лепшы пераклад слоганаў замежных брэндаў на беларускую мову.
Важна адзначыць, што да правядзення фестывалю Adnak! адсутнічаў комплексны аналіз і сістэматызацыя беларускамоўнай рэкламы, хаця было відавочна, што інтарэс прафесіяналаў галіны да ўжывання беларускай мовы пастаянна расце.
Дадатковая інфармацыя па тэл.: (+375 29) 755-1434, (+375 29) 177-01-21, (+375 25) 978-97-87.